Глыбы думак. Праху глыбы —
За сівою даўніной
Паміж Сцылай і Харыбдай,
Паміж сценкай і сцяной.
Адзіноты век? Гукання?
Не пачуўшы голас мой,
Ты прышлеш мне прывітанне
Паміж сонцам і зямлёй.
Беспрытул? Ды, дзякуй Богу,
Не згасае успамін.
Дай мне ласкі на дарогу,
Дзікі ландыш і палын.
Будзе светла мне і горка
За лагчынай, за гарой
Паміж ранішняю зоркай
I вячорнаю зарой.
Гэта, мілы мой, лёсу насмешка:
На якую такую бяду
Белым цветам усыпана сцежка,
Я ж — на лёстачцы хісткай іду.
I нашто столькі мройнага квету
Абляцела яшчэ без пары,
I якому шчасліваму лету
Зноў кукуе зязюля ў бары?
Ты ідзі стараною, старонкай,
Мой, да кропелькі мой, і — чужы!
Белым кветам, калінаю горкай,
Агнявою агромленай гронкай
Паўстаю на ўспамінак душы.
Гэтак мне яшчэ не выпадала, Не было ўва мне такой нуды, Каб да беглай сцежкі прыпадала, Што бяжыць няведама куды. Гэтак не было яшчэ са мною, — Каб не знала: вораг ты ці брат; Каб канала над чужой струною Сэрца, ўкамянелае ад страт. ...Чуйныя, дажджом размыты крокі. З дрэў злятаюць дзён календары. I сатканы вобраз твой далёкі З белага туману і зары.